Вольскі: «Я не магу зразумець, што можа прымусіць сям’ю з Беларусі паехаць адпачываць у які Геленджык»
Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, чаму некаторыя беларусы едуць адпачываць туды, дзе сьмяротна небясьпечна. Ды ўзгадвае, як адпачываў у Крыме ў дзяцінстве і юнацтве.
Лявон Вольскі
Крым... Дзяцінства, юнацтва...
Кактэбэль, Алушта, Мікалаеўка... Аўтаматы з газіроўкай і крымскім віном... Украінская мова з радыёкропкі.
Першым часам мы езьдзілі ў Крым на машыне. Гэта быў няўдалы (здаецца, іншых і не зьбіралі на гэтым заводзе) «Масквіч-412».
Аднаго разу ён зламаўся пасярод дарогі, і выпадковы рахманы кіроўца-дальнабойнік за пару гадзінаў вярнуў да жыцьця гэты непрадказальны цуд савецкае інжынэрна-тэхнічнае думкі.
Мы праяжджалі праз усю Украіну і апыналіся у Крыме. Крым — частка Украіны. Як Чарнігаўская вобласьць — найбліжэйшая да нас — толькі ў супрацьлеглым канцы.
Мы жылі там тыднямі — у кэмпінгах, дзе ўсе гатавалі ежу на прымусах, у гатэлях, дзе было цяжка заснуць ад гукаў начное дыскатэкі, на кактэбэльскім лецішчы ў беларускага пісьменьніка-марыніста... Хадзілі на мора, плавалі з маскамі і трубкамі, елі чабурэкі...
Абхазыя: рай на зямлі, ператвораны ў філію пекла
А аднаго разу мы езьдзілі ў Абхазыю. У Піцунду. Там быў Дом творчасьці, бацька атрымаў пуцёўку, і мы паехалі. Гэта быў рай на зямлі — пясочныя пляжы, высачэзныя горы на даляглядзе, экскурсіі на возера Рыца, у Новы Афон...
Сучасная высотка Дому творчасьці была цалкам заселеная савецкімі літаратарамі і іхнымі сваякамі. Сярод беларусаў там адпачывалі адно мы і міліцыянцкі дэтэктывіст Чаргінец зь сям’ёю.
Адным вечарам дэтэктывіст дамовіўся па сваіх каналах, і мы пайшлі па моры на шпацыроўным катары — на такім самым, які ўдзень возіць людзей на платныя экскурсіі.
Дарослыя балявалі за багата накрытым сталом унутры, а мы, малыя, сядзелі на палубе і глядзелі на цёмнае начное мора, балазе хвалі былі невысокія, і катар павольна і плаўна пракладаў сабе дарогу па салёнай вадзе...
Здавалася б, я мусіў цяпер адчуваць настальгію — Крым, Абхазыя... Штосьці няўлоўнае павінна было б мяне туды цягнуць — у мейсцы, зьвязаныя зь дзяцінствам, раньнім юнацтвам.
Але ўсё склалася не на карысьць настальгіі. У 1992 годзе ўспыхнула вайна, і Абхазыя адлучылася ад Сакартвэла. Пры непасрэднай дапамозе расейскіх войскаў.
Я паглядзеў у інтэрнэце фотаздымкі зь цяперашняе Абхазыі: рай на зямлі ператварыўся ў філію пекла — закінутая занядбаная чыгунка — іржавыя рэйкі сярод густых зарасьцяў травы і хмызоў, дамы з пустымі вачніцамі выбітых шыбаў...
Знайшоў я і Дом творчасьці «Піцунда» — закінуты савецкі будынак, напаўразбураны, бяз шыбаў, зарослы экзатычнымі расьлінамі ды пустазельлем... Адразу відаць, што тэрыторыя знаходзіцца пад пратэктаратам Расеі. Куды ўжо там ехаць?
Зьнік Крым
Потым з далягляду зьнік і Крым. У 14-м яго, як вы ведаеце, захапіла Расея, і з таго часу ні на сэкунду не зьяўлялася жаданьня наведаць паўвыспу. Ніводнае настальгічнае ноткі не абудзілася ў душы.
Ёсьць неадукаваныя асобы, якія крычаць, што Крым адвеку быў расейскі. Дык вось. Паўвыспа ўвайшла ўсклад Расейскае імпэрыі ў 1783 годзе, адначасова было ліквідаванае незалежнае Крымскае ханства.
Меней за 250 гадоў — гэта «адвеку»? Тады й Беларусь — «адвечна расейская», бо Рэч Паспалітую, куды ўваходзілі нашыя землі, Расея ды Прусія падзялілі толькі на дзесяць гадоў пазьней — у 1793-м.
Зрэшты, для імпэрцаў гэта таксама «адвеку», і ніхто зь іх ня лічыць Беларусь незалежнай дзяржавай.
Чаму беларусы едуць туды, дзе сьмяротна небясьпечна
Апроч Крыма, Абхазыі, Краснадарскага краю, дзе зусім побач палае вайна, у сьвеце ёсьць значна лепшыя для адпачынку краі. Харватыя, Славенія, Чарнагорыя, Турцыя, ды нават Альбанія, я адмыслова не распавядаю пра італійскія, кіпрскія ды францускія сонечныя пляжы, каб не раздражняць чытача.
Малюнак Лявона Вольскага
І я не магу зразумець, што можа прымусіць сям’ю зь Беларусі паехаць адпачываць у які Геленджык? Ці то ў Ялту? Тым болей — адправіць туды «на аздараўленьне» дзяцей.
Хіба што «адвечная» савецкая трафарэтная звычка — мае дзяды й бацькі так рабілі, значыцца, буду й я! Ці то гэта «адвечнае» савецкае ж пытаньне бюджэту: там таньней?
Але і Крым, і Краснадарскі край пакуль што ўваходзяць у склад краіны, якая вядзе захопніцкую вайну. І зусім побач пралягае мяжа Украіны.
Усе разумеюць, што там спрэс лётаюць баявыя дроны і ехаць туды — сьмяротна небясьпечна. І ўсё адно: «Дзьве сям’і зь Беларусі адпачывалі на пляжы, на якім выбухнуў дрон», «У аўтобус зь беларускімі турыстамі прыляцела»...
Як зразумець, што асьцярожныя законапаслухмяныя (як яны самі сябе называюць) сем’і з РБ выпраўляюць сваіх дзяцей на адпачынак туды, дзе штодня штосьці выбухоўвае, трушчыцца, гарыць сінім полымем і дыміць чорным дымам? Ці то самі едуць туды са сваімі дзецьмі? Што яны думаюць пры гэтым — «А раптам пранясе?». Ці сапраўды настолькі не цікавяцца палітыкай, не разумеюць, што там — вайна?
Не, пакуль усё так, як ёсьць, нагі маёй у Крыме ня будзе. І ў Піцунду я не паеду — там няма куды ехаць. А ў Краснадарскім краі, на шчасьце, ніколі ня быў... І ня цягне, як той казаў.
Хочаце падтрымаць тое, што мы робім? Далучайцеся да
Клуба Салідарнасці
на Patreon, калі для вас гэта бяспечна. Пры ўваходзе з Беларусі карыстайцеся VPN.