Навумчык: «У тым, што Беларусь апынулася над безданьню, на 100% вінаваты Лукашэнка»

Палітычны аглядальнік – пра ультыматум Зяленскага, які ў суботу ўвечары паўтарыў папярэджанне.

Удары Ўкраіны па Беларусі зь вялікай верагоднасьцю (хаця і не адразу) прывялі б да зьмяшчэньня (ужываем гэты мяккі тэрмін) Лукашэнкі. Чаго (зьмяшчэньня), канешне, мы хочам усім сэрцам. Ва ўсякім разе, сярод сяброў я ведаю толькі такіх.

Удары Ўкраіны па Беларусі амаль гарантавана ўцягнулі б Беларусь у вайну, якая, акрамя зьмяшчэньня Лукашэнкі, зь вялікай доляй верагоднасьці прывяла б да анэксіі Беларусі Расеяй. Чаго (вайны і анэксіі), канешне, мы ўсім сэрцам не жадаем. Сярод сяброў я ведаю толькі такіх.

Беларускае грамадзтва — магчыма, упершыню за апошнія гады — апынулася перад вельмі складаным выбарам. Сытуацыя аблягчаецца хіба толькі тым, што права рэальнага (а не ў дыскусіях) выбару грамадзтва даўно пазбаўленае, і ад пазыцыі мала што залежыць.

Але хто б якую пазыцыю ня меў, трэба памятаць: у тым, што Беларусь апынулася над безданьню, на 100% вінаваты Лукашэнка. Менавіта ягоная шматгадовая мэтанакіраваная палітыка здачы сувэрэнітэту Маскве зрабіла народ закладнікам узурпатара.

За гэтыя часы ў Беларусі магло зьмяніцца 6 ці 7 прэзыдэнтаў (ці ўвогуле яна магла б вярнуцца да парлямэнцкай рэспублікі), і мне цяжка ўявіць каго-небудзь горшага за Лукашэнку.

Расея б не пазбылася сваёй імпэрскасьці, але мы ведаем прыклады, калі лідэры экс-савецкіх краінаў знаходзяць спосабы не ператвараць свае краіны ў калёніі Крамля. У гэтым, калі хочаце, майстэрства палітыкі і дыпляматыі — насуперак майстэрству халуйства і ратаваньня ўласнай скуры.

Мне цяжка сказаць, якая будучыня будзе ў Беларусі без Лукашэнкі, але з Лукашэнкам ніякай будучыні ня будзе дакладна — 32 гады цалкам дастаткова, каб у гэтым не сумнявацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)