Навумчык: «Лукашэнка — не гарант незалежнасьці, ён — гандляр незалежнасьцю»

Палітычны аглядальнік — пра тое, ці магчымыя перамовы апазыцыі з Лукашэнкам.

— Лукашэнка ніколі не ішоў на перамовы з апазыцыяй, і на гэтым можна было б паставіць кропку, — піша Сяргей Навумчык. — Я памятаю яго як чалавека, няздольнага ні на якія кампрамісы, калі яны хоць нейкім чым закраналі ягонае ўласнае «эга».

Сяргей Навумчык

Як дэпутат ён імкнуўся да 100% (99% было недастаткова) уплыву, як дыктатар — да 100% падаўленьня. Ён можа пайсьці на кантакт з апазыцыяй толькі ў адным выпадку: калі апанэнты стануць перад ім на калені, апусьцяць галовы і пакаяцца. Прычым я кажу гэта зусім не ў пераносным сэнсе.

Гэта будуць не перамовы, а пакаяньне. Гэта будзе ганьба — але яшчэ горай, што яна не прынясе выніку і ў справе абароны Незалежнасьці.

Напэўна, можна было б у імя сувэрэнітэту пагадзіцца нават на ганьбу, калі б гаворка ішла пра асобу, падобную на Франка ці Піначэта — бо тыя ня ставілі пад сумнеў незалежнасьць краінаў, нацыянальную ідэнтычнасьць.

Франка, як вядома, адмовіўся падтрымаць Гітлера ў нападзе на Вялікабрытанію (фюрэр нават потым сказаў, што гатовы тры гадзіны праседзіць у крэсьле дантыста без наркозу, чым гадзіну гутарыць з каўдыльё), Піначэт не пераводзіў школы на, да прыкладу, ангельскую мову, каб дагадзіць ЗША.

Лукашэнка ж пачаў гандляваць сувэрэнітэтам літаральна зь першага дня свайго кіраваньня і пасьлядоўна вынішчаць нацыянальную ідэнтычнасьць, якая ёсьць падмуркам дзяржаўнасьці. і не спыняецца ў гэтым. Лукашэнка — не гарант Незалежнасьці, ён — гандляр Незалежнасьцю. Як і гандляр палітвязьнямі.

Таму мэтай мусіць быць не ўступленьне зь ім у нейкія перамоўныя камбінацыі зь невядомым вынікам (зрэшты, вядомым — у гульнях з д ‘яблам заўсёды перамагае д’ябал), а як найхутчэйшае адхіленьня яго ад улады менавіта як пагрозы Незалежнасьці.

І паўтару тое, што кажу шмат гадоў: калі б ўзьнікла магчымасьць заняць галоўнае месца ў Крамлі коштам уваходжаньня Беларусі ў РФ — Лукашэнка б не вагаўся ні сэкунды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)