Бо і ў Расіі суды становяцца ўсё больш залежнымі ад выканаўчай улады, як і ў Беларусі. Што там хто збіраецца пераймаць, невядома, бо адна мадэль дыктатуры нічым не лепшая за іншую.
Міхалевіч: «А навошта былі суды ў Савецкім Саюзе, калі спакойна абыходзіліся «тройкамі»: збіраліся і выносілі рашэнні аб расстрэле?»
Кіраўнік адвакацкага бюро «Legal status» Алесь Міхалевіч — пра беларускія суды і рэформы, якія ім патрэбны.
«Самыя залежныя людзі — гэта суддзі, яны залежныя ад закона. Тут ні ўлева, ні ўправа», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суда РФ Ігарам Красновым.
Той прыехаў у Беларусь, каб абмеркаваць неабходнасць больш цеснай супрацы Вярхоўных судоў дзвюх краін, абмяняцца вопытам, у тым ліку ў сферы сучасных тэхналогій у судовай сістэме.
Вядома, што дагэтуль вяршыняй тэхналагічнай дасканаласці рэжымных судоў Лукашэнкі былі анлайн-суды са сведкамі ў балаклавах, якія праводзіліся проста праз скайп. Няўжо пасля спынення працы скайпа ідзе пошук новых магчымасцяў?
«Филин» пагутарыў з юрыстам, кіраўніком адвакацкага бюро «Legal Status» Алесем Міхалевічам і даведаўся, што справа зусім не ў тэхналогіях і што беларускія суддзі сапраўды залежныя, толькі не ад закона.
— Цікава, што падчас гутаркі з Красновым Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што і вучыцца, і пераймаць вопыт мы гатовыя ў «вялікай Расіі». Раней ён так не выражаўся.
— Я таксама здзівіўся, калі пачуў гэта, але не ведаю, як гэта каментаваць, — кажа Алесь Міхалевіч. — Наогул такія сустрэчы я адношу да палітычнага турызму. Гэта проста імітацыя бурнай дзейнасці.
Калі казаць пра расійскую судовую сістэму, то сапраўды яна трохі адрозніваецца. Як ні дзіўна, Расія захавала ў сябе рэшткі прававой сістэмы нармальнай дэмакратычнай краіны, бо яны доўгі час былі сябрам Савета Еўропы, у адрозненне ад Беларусі, якая ніколі ім не была.
У адпаведнасці з практыкай Савета Еўропы, напрыклад, нельга затрымліваць чалавека, не маючы ордара суда. І вось у гэтым плане ў іх, каб падаць чалавека ў міжнародны вышук, павінна быць «постановление об избрании меры пресечения в виде содержания под стражей». The arrest warrant — ордар на арышт.
У Беларусі такі ордар афармляецца следчым са згоды пракуратуры. І гэта зусім не публічны працэс, у адрозненне ад Расіі. Там яшчэ можна крыху даведацца пра судовую сістэму, бо працуюць нейкія рэшткі нармальнай сістэмы, і яны, каб падаць чалавека ў вышук, робяць фармальныя судовыя рашэнні.
І ўсё ж я не думаю, што тут ідзе гаворка пра нейкае ўдасканаленне сістэм дзеля грамадзянаў. Гэта толькі ўдасканаленне для іх саміх.
Да таго ж супраца, здаецца, адбываецца найперш не паміж судамі. Бо той жа пошук людзей, якіх абвясцілі ў вышук, — гэта функцыя пракуратуры. І ў Беларусі, і ў Расіі асноўны орган міжнароднага прававога супрацоўніцтва — гэта генеральная пракуратура.
У той час як у дэмакратычных краінах гэта міністэрства юстыцыі, таму што там ёсць судовая ўлада, і яна працуе, суды маюць самае вялікае значэнне.
У нас суды не маюць значэння. І калі ў Расіі яшчэ магчыма даведацца пра нейкія рашэнні судоў, то беларуская сістэма наогул закрытая. У Беларусі ўсе органы маюць права затрымаць чалавека.
Далей ёсць тая самая практыка 15 сутак, за якія ўжо шукаюць, за што чалавека пасадзіць, што яму аформіць. І нават пасля гэтага суд не патрэбны, дастаткова санкцыі пракурора, які, як вы разумееце, кляпае гэтыя санкцыі на каленцы.
У выніку беларускі суд проста зацвярджае той прысуд, які яму выпісвае выканаўчы орган, Следчы камітэт, ГУБАЗіК, КДБ і г.д.
— Для чаго тады суд наогул у Беларусі? Бо сапраўды яны праходзяць закрыта, невядома калі, што на іх адбываецца, таксама ніхто не ведае, нават пра сутнасць справы рэдка даводзіцца даведацца.
— Каб зацвярджаць рашэнні выканаўчай улады. Такая дэманстрацыя нібыта незалежнага суда.
Слухайце, а навошта былі суды ў Савецкім Саюзе, калі спакойна абыходзіліся «тройкамі»: збіраліся і выносілі рашэнні аб расстрэле?.
Таму і ў сучаснай Беларусі суды — гэта такі элемент імітацыйнага працэсу, каб паказаць, што ёсць нейкія людзі, якія працуюць у адпаведнасці з законам. Хаця зразумела, што ніякім законам там і не пахла.
— Лукашэнка некалькі разоў казаў пра нейкую рэформу, маўляў, згодна з ёй старшыня Вярхоўнага суда зацвярджаецца на Усебеларускім народным сходзе.
— Але і так кантралюе Лукашэнка, і так кантралюе Лукашэнка — вось і ўся рэформа. Дарэчы, вы казалі пра скайп, які спыніў працу, але ёсць іншыя камунікатары. Суды гэта не спыніць, будуць судзіць па расійскім.
— А калі казаць пра сапраўдную рэформу, з чаго трэба пачынаць беларускай судовай сістэме?
— У судовай сістэме галоўнае — гэта незалежнасць. І вось тут у мяне пытанне: тыя людзі, якія былі прызначаны Лукашэнкам ці УНС, ці вартыя яны таго, каб лічыцца незалежнымі?
Таму я б пачынаў проста з іх звальнення і з падрыхтоўкі і набору іншых. І каб яны сапраўды былі незалежнымі, яны павінны прызначацца і адклікацца не выканаўчай уладай.
У тых жа еўрапейскіх краінах суддзяў выбіраюць самі суддзі, то-бок нейкі орган, напрыклад, Рада правасуддзя ці нешта падобнае. А прэзідэнт можа падпісваць намінацыі, якія яму прапанаваныя.
У нас Лукашэнка ўсіх прызначае і можа ў любы момант любога адклікаць.
Што тычыцца сапраўднай рэформы, то зараз судовая сістэма, якая існуе ў Беларусі, цалкам задавальняе Лукашэнку. Яна яго поўнасцю слухаецца. Чаму яе мяняць, дзеля чаго звальняць суддзяў?
Таму рэформа, пра якую ён кажа, думаю, гэта проста чарговае ператасаванне калоды, невялікія змены ў прызначэннях. Сур’ёзна гэта ні на што не паўплывае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное