Политика

Карбалевіч: «Цяперашні ўсплёск пагрозаў на адрас карыстальнікаў сацыяльных сетак стаў рэакцыяй на гісторыю з узбэкамі»

Праваахоўныя органы пагражаюць беларусам за крытыку ўлады ў сацыяльных сетках. Бо скандальная гісторыя зь узбэкамі, якіх вабяць на працу ў Беларусь, выклікала нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве. Таму ўлады імкнуцца нэўтралізаваць незадаволеньне людзей, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Пагрозы сілавікоў

Сьледчы камітэт і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі залпам выдалі папярэджаньне і пагрозы беларусам, каб яны не займаліся «распальваньнем сацыяльнай варожасьці». СК паведаміў у сваім Тэлеграм-канале, што ўжо ёсьць факты прыцягненьня грамадзян да крымінальнай адказнасьці за публікацыі ў сацыяльных сетках, найперш, у Threads і TikTok.

Вельмі паказальны дыялёг адбыўся на тэлеканале СТВ. Вядучы Кірыл Казакоў пытае ў начальніцы ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Натальлі Сахарчук: «Мы зараз можам сказаць пра тое, што сапраўды любы камэнтар у Threads — і да вас ГУБАЗ пастукае?». Тая адказвае: «Адназначна так. Адназначна так. Любы візуал, любы тэкст, калі мы гаворым пра Threads, напісаць там літаральна пару слоў і ўсё».

Тут ключавое слова «любы»! То бок, праваахоўныя органы публічна аб’яўляюць, што гатовы прыцягнуць да адказнасьці за што заўгодна, ніякіх межаў ці правіл, ня кажучы пра законы, не існуе.

Урокі 2020 году

Вайна беларускіх уладаў з сацыяльнымі сеткамі — у пэўным сэнсе новая зьява. У цяперашнім фармаце яна пачалася пасьля 2020 г. А да тых векапомных падзей існы рэжым не разумеў да канца ўсёй пагрозы, якая ідзе з інтэрнэту.

Сам Аляксандр Лукашэнка і ягонае атачэньне — гэта людзі з даінтэрнэтавай эпохі. Яны былі ўпэўнены, што манаполія на радыёэлектронныя мэдыі забясьпечвае ім амаль поўнае панаваньне ў інфармацыйнай сфэры. У выніку палітычную барацьбу ў сацыяльных сетках, новых СМІ беларускія ўлады прайгралі сваім апанэнтам.

Працэс, які дзяржаўныя мэдыі трактавалі як ператварэньне Беларусі ў ІТ-краіну, меў нечаканыя палітычныя наступствы. Новыя тэхналёгіі, стварыўшы новыя сэктары эканомікі, у прыватнасьці, ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця. Яны стымулявалі канфлікт, стылістычны разрыў паміж дамінуючай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіраўніцкай вэртыкальлю і людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай.

Інтэрнэт, зьяўленьне новых мэдыяў, сацыяльных сетак, «смартфанізацыя» большай часткі насельніцтва краіны разбурылі старую сыстэму камунікацый рэжыму з грамадзтвам.

Паводле сацыялягічнага онлайн-апытаньня Нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў (ZoiS), праведзенага ў сьнежні 2020 году (апытаньне больш за 2000 беларусаў, якія жывуць у гарадах з колькасьцю жыхароў ня менш за 20 тысяч), 70% рэспандэнтаў атрымлівалі інфармацыю з сацсетак і незалежных онлайн-плятформ, 10% — з дзяржаўных СМІ. Парадак дня ў краіне фармавалі папулярныя незалежныя Telegram-каналы зь велізарнай аўдыторыяй («Баста», TUT. BY, NEXTA Live і інш.).

З тых часоў улады вывелі для сябе важныя ўрокі, зразумелі небясьпеку новых мэдыяў і пачалі жорсткае змаганьне зь імі.

Кантроль над сацыяльнымі сеткамі

Уласна спосабы кантролю аўтакратый над інтэрнэтам ня вельмі разнастайныя. Рамку задаў Кітай, стварыўшы «сувэрэнны інтэрнэт» («Вялікі кітайскі фаервол»). Прыкладна па такім шляху пайшлі КНДР, Іран.

У Расеі заблякавалі шмат замежных сэрвісаў. Не працуюць або істотна абмежаваныя Facebook, Instagram, X (Twitter), LinkedIn. Таксама адбываюцца часовыя абмежаваньні працы Telegram, WhatsApp, YouTube і іншых сэрвісаў.

Беларусь абрала трохі іншы шлях кантролю над інтэрнэтам. Тут пакуль не блякуюць цэлыя сацсеткі. Замест гэтага непажаданыя рэсурсы масава аб’яўляюць экстрэмісцкімі і караюць як за вытворчасьць, так і за спажываньне іх кантэнту.

Чаму Беларусь абрала такі шлях? Некалькі прычын. Збудаваць сыстэму «сувэрэннага інтэрнэту» для невялікай краіны дорага і складана. Пераходзіць на расейскія сэрвісы ўлады ня хочуць, бо гэта яшчэ больш узмоцніць залежнасьць ад Расеі. Прапаганда выкарыстоўвае гэтыя рэсурсы для сваіх мэтаў.

Забарона папулярных у грамадзтве сацсетак, да якіх людзі прызвычаіліся, выклікае незадаволеньне насельніцтва (досьвед Расеі гэта пацьвярджае).

Улады прызнаюць, што ў пэўным сэнсе зацікаўлены ў існаваньні зваротнай сувязі з народам, якую даюць сацыяльныя сеткі. Сам Лукашэнка казаў, што яго інфармуюць, пра што грамадзяне кажуць у TikTok.

Дарэчы TikTok і Threads даволі папулярныя ў Беларусі. Першая мае 7,64 млн карыстальнікаў у краіне. Threads карыстаюцца 533 тыс беларусаў. Прычым, яна хутка набірае папулярнасьць.

Праз сацыяльныя сеткі ўлада даведваецца, якія тэмы выклікаюць незадавальненьне народа. Напрыклад, людзей узбурылі гісторыі пра 150 тысяч пакістанцаў, якіх улады зьбіраліся завесьці ў Беларусь, ці пра зьнікненьне з крамаў бульбы.

Чыноўнікі пэрыядычна запалохваюць народ. У красавіку сёлета старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Натальля Качанава ў эфіры дзяржтэлеканалу «Першы інфармацыйны» прапанавала ўвесьці адказнасьць за «абсалютна недакладныя» скаргі, апублікаваныя ў сацсетках .

Рэакцыя на скандал з узбэкамі

Можна здагадацца, што цяперашні ўсплёск пагрозаў на адрас карыстальнікаў сацыяльных сетак стаў рэакцыяй на гісторыю з узбэкамі, якіх імкнуцца завабіць на працу ў Беларусь. У самым пачатку гэтага праекту ўзьнік скандал, які выплюхнуўся ў публічную сфэру. Лукашэнка надаваў узбэцкаму кіраўніцтву абяцаньняў, якіх нельга выканаць.

У выніку ўзбэкі незадаволеныя, бо ім наабяцалі шмат чаго нерэальнага. Нават сам прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў запатрабаваў годных працоўных месцаў для суграмадзян у Беларусі.

Незадаволеныя і беларусы, якія атрымоўваюць меншыя заробкі, чым тыя, якія ўлады абяцаюць узбэкам.

І, як можна зразумець, незадаволеныя беларускія чыноўнікі, якіх вымушаюць плаціць узбэкам заробкі, непасільныя для мясцовых суб’ектаў гаспадараньня. Таму Лукашэнка 21 ліпеня падчас сэлектарнай нарады быў вымушаны апраўдвацца і заявіў: «Калі вам людзі звонку непатрэбныя — не бярыце. Я вас не прымушаю іх браць».

То бок улады чарговым разам уляпаліся ў скандал, які выйшаў на міжнародны ўзровень. Яны бачаць, якая ўжо рэакцыя ў сацыяльных сетках. І разумеюць, што гэта толькі пачатак. Адсюль і робяцца такія прэвэнтыўныя захады, каб патушыць, нэўтралізаваць нэгатыўную рэакцыю грамадзтва, якая праточваецца праз адзіна магчымы сёньня ў Беларусі канал — сацыяльныя сеткі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)