Святлана Курс: «Я супраць, каб у кожным беларускім горадзе каля рэчкі саджалі Пушкіна»

Беларуская пісьменніца — пра месца расейскай літаратуры ў беларускай школьнай праграме.

— Расейскую літаратуру трэба будзе пакінуць у праграме міжнароднай літаратуры. Мы ж не расейцы, каб вывучаць яе пяць дзён запар, — кажа Святлана Курс у эфіры Обычного утра. — Мы павінны ведаць яе месца — безумоўна, сярод іншых літаратур. Уся расейская культура пачалася недзе 2-3 стагоддзі таму, але да гэтага культура пачалася з 13-14 стагоддзя.

Святлана Курс

— І каб паказаць скарбніцу сусветнай літаратуры, яна павінна быць істотна пашыранай, у тым ліку за кошт літаратуры, якая з'яўляецца для нас маргінальнай і мала вядомай. Напрыклад, аўстрыйская літаратура, якая зусім не экзатычная, сучасная амерыканская літаратура. Магутная плынь — гэта сучасная літаратура краін Афрыкі, яны абсалютна заслужана бяруць нобелеўскія прэміі. Трэба глядзець на ўвесь свет, і ў ім часткай павінна праходзіць і Расея.

Уявіце сабе, што вяртаецца нармальная лінейка або нармальны глобус. І ты бачыш, якое месца там займае Расея, а якое — Беларусь. Нармальная літаратурная шкала, дзе кожная частка света з яе цяжкімі роздумамі (бо кожная краіна прайшла цяжкі і нават месцамі ганебны шлях), і тады ўсё набывае нармальныя памеры. І тады да чалавека вяртаецца нармальнасць, не вісяць шоры перад вачыма, якія прымушаюць нас рабіцца другасным народам, расейцамі нумар два, што вельмі нам перашкаджае.

Ведаеце, нават не трэба за гэта асабліва ваяваць, бо нармальнасць вяртаецца сама па сабе — па меры паслаблення расейскай імперыі.

Я ж сама за Пушкіна, і некаторыя яго вершы мне вельмі падабаюцца. Але супраць таго, каб Пушкін быў «наше все». Калі ёсць штосьці «наше все», гэта азначае, што чамусьці іншаму ў гэтым «усім» месца не хопіць. І я супраць, каб у кожным беларускім горадзе каля рэчкі саджалі Пушкіна, была бібліятэка імя Пушкіна і вуліца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(32)