Дзень Волі-2026. У Запарожжы ўзнагародзілі ваяроў Палка Каліноўскага. Віншаванні Бяляцкага, Сурвілы, Ціханоўскай (абнаўляецца)

Акцыі, імпрэзы і сустрэчы адбудуцца ў розных гарадах і краінах. У Варшаве і Вільні, Беластоку і Батумі, Стакгольме і Лондане, Сіэтле і Падуі. Галоўныя падзеі гэтага дня — у анлайне «Салідарнасці».

Невядомыя праз інтэрнэт шукалі, каго наняць для здыманьня мітынгу і шэсьця на Дзень Волі ў Вільні

Паведамленьні зьявіліся ў розных суполках напярэдадні сьвята 25 Сакавіка, піша Радыё Свабода.

У некаторых віленскіх беларускіх суполках у Тэлеграме зьявіліся правакацыйныя аб’явы пра пошук асобаў, гатовых за грошы зьняць фота і відэа ўзгодненага з уладамі Вільні мітынгу і шэсьця 25 сакавіка.

Людзей шукалі для ўдзелу ў «масоўцы» каля 18-й гадзіны на Лукіскім пляцы і каля 19:30 каля амбасады Беларусі ў Літве. За здымкі фота і відэа абяцалі 100 даляраў на картку або на крыптагаманец.

Арганізатары набору людзей прапаноўвалі гэтую плату за тое, што ахвочыя здымуць на свае тэлефоны і камэры «як мага больш людзей», «пабольш людзей», зафіксуюць «праход калёны ад першых удзельнікаў да тых, хто замыкае».

Паведамленьні рассылалі па-расейску. Пазьней у адным з паведамленьняў напісалі, што «масоўку набралі».

Вядома, што раней спэцслужбы Беларусі шукалі выканаўцаў для здыманьня розных акцыяў і адзначэньня нацыянальных сьвятаў за мяжою для запалохваньня ўдзельнікаў.

Узнагароды Рады БНР да Дня Волі. Каго ўганаравалі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ў Дзень Волі падпісала дэкрэты пра ўзнагароджаньні адзнакамі Рады БНР.

Мэдалямі Ордэну Пагоні узнагароджаныя Валянціна Андрэева, галоўная рэдактарка эўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher, і старшыня Беларускага ПЭНу Тацьцяна Нядбай.

Ва ўмовах, калі ціск на нацыянальную культуру, на беларускую мову набыў татальны характар, калі дзясяткі людзей слова за кратамі, вольны кнігадрук і адстойваньне права на свабоду выказваньняў робяцца аднымі з умоваў выжываньня беларусаў як этнасу.

Мэдалём Ордэну Пагоні таксама ўганараваны публіцыст Віталь Цыганкоў, які стаяў ля вытокаў беларускай незалежнай журналістыкі і чые публікацыі былі прыкметнай зьявай яшчэ ў гады змаганьня за аднаўленьне Незалежнасьці ў пачатку 90-г гадоў ХХ стагодзьдзя.

Асобным дэкрэтам Старшыні Рады БНР мэдалямі «За баявыя заслугі» першай і другой ступені ўзнагароджаныя 19 беларускіх добраахвотнікаў у складзе Ўзброеных сілаў Украіны. Гэтак адзначаны іх асабісты гераізм у змаганьні з расейскім агрэсарам, збройная абарона ад якога Ўкраіны служыць таксама справе беларускіх нацыянальных інтарэсаў і здабыцьця незалежнай ды вольнай будучыні для Беларусі.

Бел-чырвона-белыя стужкі з’явіліся на «Алеі дэмакратыі» каля Сейма Літвы

Іх павязалі на дрэвах беларусы, якія жывуць у літоўскай сталіцы.

Усе фота: lookby.media

Адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, былы палітвязень Павел Севярынец падкрэсліў, што супольныя акцыі ў Дзень Волі асабліва важна ладзіць у тым ліку за мяжой, «бо ў беларусаў волі пакуль няма».

— Рэжым вельмі баіцца волі, баіцца бел-чырвона-белага сцяга як чорт ладану, — зазначыў палітык, каментуючы пагрозы СК на адрас беларусаў замежжа. — Але тым, хто пагражае беларусам у Дзень Волі, трэба нагадаць, што мы — партызанскі народ. Яны кідаюць выклік цэламу народу.

Тое, што сёння Лукашэнка ў КНДР — знак. Гэта курс, да якога імкнецца сённяшні рэжым, і іх канчатковы прыпынак — Паўночная Карэя. Яны хочуць, каб увесь беларускі народ паехаў туды. Але не, паедзе туды правадыр, а беларускі народ застанецца і ўрэшце будзе вольны.

Беларусы Вільні цягам сённяшняга дня ладзяць сімвалічны аўта- і мотапрабег з нацыянальнымі сцягамі, наведваюць могілкі, дзе спачываюць знакамітыя беларускія дзеячы. А ўвечары на Лукішскай плошчы, дзе больш як паўтара стагоддзі таму быў публічна забіты Кастусь Каліноўскі, адбудзецца вялікі мітынг і шэсце.

Завершыцца святкаванне набажэнствам у беларускай праваслаўнай царкве Канстанцінопальскага патрыярхату, таксама ўвечары адбудзецца канцэрт гурта «Дай Дарогу!».

У Запарожжы ўзнагародзілі ваяроў Палка Каліноўскага

Сёння, на Дзень Волі, у Запарожжы адбылася ўрачыстасць узнагароджання ваяроў Палка Каліноўскага, паведамляе прэс-служба Палка.

«За баявыя заслугі і асабістую мужнасць, праяўленую ў полі бою, нашы пабрацімы атрымалі шэраг дзяржаўных узнагарод: адзнакі міністра абароны — ваенны крыж, крыж доблесці і жалезны крыж, ведамасныя ўзнагароды за баявыя заслугі, а таксама — медаль Рады БНР за баявыя заслугі.

Гэта вялікі гонар для беларускіх добраахвотнікаў. Віншуем пабрацімаў!

І віншуем усіх беларусаў з Днём Волі!»

В Беларуси ограничили доступ к сайтам для пользователей из-за границы

На полтора дня в Беларуси ограничили доступ к виртуальному хостингу из-за рубежа. Такое решение принял ОАЦ при Лукашенко — в центре заявили, что «зафиксировали угрозу деструктивных воздействий в киберпространстве» и обязаны «принять защитные меры».

Поэтому в период с 20 часов 24 марта до 8 утра 26 марта доступ к беларуским ресурсам из-за пределов страны ограничен, сообщил хостинг-сервис HB.by и подтвердили другие провайдеры услуг.

Для пользователей внутри страны, пообещали представители компании, все сервисы, сайты и почта будут работать в привычном режиме. А вот если ресурсы связаны с внешними платформами — например, платежными системами — они могут работать нестабильно.

Подобные меры предпринимались в конце декабря 2025 года во время заседания ВНС, а также в новогоднюю ночь, когда транслировалось обращение Светланы Тихановской к беларусам.

Судя по всему, «уполномоченный госорган» опасается кибератак или распространения информации о Дне Воли для беларусов внутри страны.

Напомним, накануне Следственный комитет также в очередной раз пригрозил уголовной ответственностью и конфискацией имущества участникам мероприятий за границей.

«Мы ўсе думаем пра Беларусь»

Суайчыннікаў павіншаваў з Днём Волі наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

— Дзе б мы зараз ні знаходзіліся і дзе б мы ні жылі на Беларусі, з якіх гарадоў, мястэчак і вёсак мы б ні былі — у гэты дзень мы ўсе думаем пра Беларусь, — падкрэсліў праваабаронца. — Віншую вас са святам незалежнасці, віншую з пачаткам вясны!

Я ўпэўнены, я перакананы, я вельмі спадзяюся, што ў рэшце рэшт мы ўсе агульнымі намаганнямі даб’емся незалежнасці, дэмакратычнасці, свабоды для беларускага народа і для нашага краю.

Івонка Сурвіла: «Будучыня наша залежыць ад кожнага і кожнае з нас»

Анёлы беларускай аўтаркі да свята

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі павіншавала беларусаў з Днём волі.

Івонка Сурвіла зазначыла ў сваім звароце, што месца беларускага народу — у дэмакратычнай Еўропе. І толькі тады, «калі мы станемся незалежнымі ад так званага «старэйшага брата» — толькі тады мы зоймем пачэснае месца між цывілізаванымі народамі свету, на якое мы маем поўнае права».

— Нажаль, пасля ледзь не стагоддзя акупацыі і хітрай прапаганды з боку Масквы, свет забыўся пра беларусаў, пакуль наш народ не прыпомніў яму у 2020-м годзе пра нашае існаванне, — зазначыла старшыня Рады БНР.

— Толькі дзякуючы вашаму гераізму і адвазе сотняў тысяч беларусаў, якія выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцы Беларусі, мы ажылі!

Калі б зноў ня ўмяшалася Масква, магчыма, мы ўжо жылі б у нашым вольным краю. І не змагаліся б сёння за вызваленне тысячаў палітычных вязняў, якія яшчэ ўсё сядзяць за кратамі ў Беларусі.

Івонка Сурвіла заклікала беларусаў памятаць, што будучыня «залежыць ад кожнага і кожнае з нас»:

— Так, як нашыя продкі ў 1918-м годзе, разам мы вызвалім наш мілы і чароўны край! Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!

Святлана Ціханоўская: «Беларусь будзе вольнай. І мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома»

З нагоды Дня Волі, 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак і нагадала: нас яднае памяць, адказнасць перад будучыняй і свядомы выбар пайсці складным шляхам да незалежнасці:

— Я ведаю, як стамляе доўгая дарога. Як хочацца, каб нарэшце стала спакойна. Каб можна было працаваць, планаваць жыццё, кахаць, расціць дзяцей без страху ў сваёй краіне. Каб не трэба было азірацца на вуліцы, баяцца груку ў дзверы, баяцца за блізкіх. Каб дом зноў быў месцам бяспекі.

Але нават калі бывае цяжка, у нас ёсць тое, што не забраць ніколі і нікому: нашая гісторыя, нашая памяць, нашая такая моцная беларуская годнасць. І ёсць мы адно ў аднаго.

Беларусь будзе вольнай. І мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома.

Акцыі, імпрэзы і сустрэчы адбудуцца ў розных гарадах і краінах. У Варшаве і Вільні, Беластоку і Батумі, Стакгольме і Лондане, Сіэтле і Падуі.

Калі хочаце далучыцца да імпрэзаў, паглядзіце, што запланавана ў вашым горадзе — усё сабрана на інтэрактыўнай мапе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)