Политика

Статкевіч: «Такога яшчэ не рабілі ні з кім. Дасведчаныя арыштанты казалі, што мяне «умертвляют по естественным причинам»

Палітык расказаў пра катаванні за кратамі і сённяшняе самаадчуванне.

— Безумоўна, праблемы ёсць, — піша Мікалай Статкевіч. — І нават не з-за ўмоў утрымання ў калоніі. Хаця мяне 6 разоў запар каралі 6 месяцамі адзіночнай камеры — ёсць на асобым рэжыме такі від пакарання з максімальным тэрмінам 6 месяцаў — камера памерамі 1x3 метры, з «прагулкамі» па паўгадзіны ў дзень у ненашмат большай амаль глухой металічнай скрыні пад металічным дахам са штучным асвятленнем нават днём.

Цяжкавата гадамі не бачыць неба над сабой нават праз сетку. Ды яшчэ 1-2 разы штомесяц трапляць у ШІЗА, у якім я правёў агулам каля года. Такога там яшчэ не рабілі ні з кім. Дасведчаныя арыштанты казалі, што мяне «умертвляют, типа, по естественным причинам».

Мікалай Статкевіч

Да таго ж, поўная адсутнасць звестак з волі пра блізкіх, а Марына тады цяжка і небяспечна хварэла, таксама моцна ціснула. Даходзіла да таго, што адзін з кіраўнікоў установы праз іншага арыштанта перадаваў мне «гуманную» прапанову: самому папрасіцца ў «крытую» турму, дзе ўмовы непараўнальна мякчэйшыя.

Я рэзка адмовіўся, бо ў гэтых месцах любая праява слабасці толькі правакавала б ўзмацненне ціску.

Я супраціўляўся іх планам, імкнуўся захаваць сябе — шмат хадзіў нават па той камеры, рабіў хоць нейкія фізічныя практыкаванні, шмат чытаў літаратуры па філасофіі і сацыяльнай псіхалогіі, калі яшчэ выдавалі кнігі з бібліятэкі, спрабаваў вучыць англійскую, пакуль не сталі забіраць падручнікі, у ШІЗА прадумаў дастаткова вялікі тэкст, прысвечаны генезісу чалавечай маралі, выбару чалавекам мадэлі сваіх паводзін, маральнаму выбару асобы ў крытычнай сітуацыі.

Потым нават зрабіў яго накіды на паперы, але яны зніклі ў нетрах КГБ падчас спробы маёй незаконнай дэпартацыі. Цяпер прыйдзецца знайсці час і аднавіць гэты тэкст, бо не люблю незавершаных спраў. Так што я захоўваў неблагую для такіх умоў і трох ковідаў форму.

Прынамсі, на «рывок» на мяжы сіл хапіла. Але падчас адмовы ад дэпартацыі выдатна разумеў, што мяне на волю проста так не адпусцяць, і рыхтаваўся да горшага.

Але ўсё аказалася вельмі простым — пасля другога ковіда ў Гомельскім СІЗА ўрачы прапісалі мне пэўныя лекі. Марына дасылала мне іх у калонію, з частымі перабоямі, але яны даходзілі і мне іх выдавалі. Гэта 3 гады было адзіным сродкам камунікацыі паміж намі. Бо, атрымаўшы медбандэроль, я ведаў, што Марына жывая. А яна адсочвала тыя бандэролі па коду і, калі іх забіралі з пошты, ведала тое ж.

Але з верасня мінулага года маё месцазнаходжанне проста хавалі, таму, адпаведна, Марына не ведала, дзе я, у калоніі ёй казалі, што мяне там няма, і яе медбандэролі не прыходзілі. Мне сказалі, што будуць выдаваць свае «аналагі».

Потым, у турэмных бальніцах дактары дружна кпілі, чамусьці з мяне, з-за гэтай замены і казалі, што такая замена пры пасляковідных праблемах недапушчальная, што гэта яна і выклікала ў мяне інсульт.

Такім чынам, у мяне ёсць усе падставы лічыць, што гэты інсульт быў справакаваны штучна і наўмысна. Але ўрачы ў турэмных бальніцах, дзякуй ім, зрабілі ўсё, каб мінімізаваць яго наступствы. Ён не закрануў ніводнай з фізічных функцый майго арганізма, акрамя маўлення.

Зараз я адчуваю сябе добра, ціск — пастаянныя для мяне 120/80. Зноў пачаў заняткі фізкультурай. Рэгулярна займаюся анлайн з лагапедам пані Юліяй — беларускай, якая жыве ў ЗША, і якой я вельмі ўдзячны за тое, што пасля цяжкога працоўнага дня яна знаходзіць час і сілы, каб дапамагаць мне. Маўленне паціху аднаўляецца, але патрэбен яшчэ час.

Праўда, улада перыядычна падвышае мой эмацыйны тонус. Мабыць, каб паскорыць аднаўленне пасля інсульту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)