«Па злой іроніі лёсу ў шклоўскай калоніі рабіў на швейцы загатоўкі ваеннай формы для расейскай арміі»

Гісторыя ўкраінца, які пасля вызвалення з беларускай калоніі трапіў на ўкраінскі фронт.

Памілаванага і дэпартаванага ўкраінца Аляксандра Катовіча, які два гады быў у калоніі Шклова, мабілізавалі на фронт, паведамляе Еўрарадыё. У Беларусі Аляксандра абвінавачвалі ў стварэнні канала «Беларусь за МКАДам», хаця насамрэч ён толькі пісаў там каментары ў чаце.

Мужчыну вызвалілі і абмянялі з іншымі грамадзянамі Украіны ў лістападзе 2025 года, а 19 лютага забралі ў войска. Гэта значыць, што ён так і не атрымаў ад украінскіх уладаў статуса пацярпелага ад палітычнага пераследу краіны-агрэсара.

Украінскі праваабаронца Уладзімір Яворскі раней тлумачыў «Еўрарадыё», што сітуацыя з прызнаннем статусу грамадзянскіх асоб, якія знаходзіліся ў беларускім палоне або ў беларускіх месцах пазбаўлення волі, з’яўляецца даволі складанай і неадназначнай.

Беларускі журналіст і былы палітвязень Ігар Карней распавёў, як перасякаўся з Аляксандрам Катовічам у турме.

— Парадоксы лёсу: каб працягваў быць закладнікам лукашэнкаўскага рэжыму, раней ці пазней вызваліўся б. І з большай гарантыяй, што жывым, чым «двухсотым», — піша Ігар Карней. — А цяпер суцэльная латарэя. Таму што на радзіме – бойня.

Гэта я пра Аляксандра Катовіча – адзінага ўкраінца з дзясятым прафілактычным улікам, каго сустрэў за кратамі. І вось даведаўся, што яшчэ 19 лютага яго мабілізавалі. Пакуль што праходзіць адпаведную падрыхтоўку і неўзабаве будзе перакінуты на лінію фронту. Усяго тры месяцы перадыху паміж турмой і вайной...    

Аляксандр Катовіч, месяц пасля мабілізацыі

Пасля прысудаў у сакавіку 2024-га нас з Аляксандрам Катовічам адным этапам перавозілі з менскай Валадаркі спачатку ў Магілёў, дзе ў турме №4 чакалі апеляцый на выракі, а затым разам перакінулі ў ПК-17 Шклова – праўда, тут і згубіліся, бо мяне адразу пачалі загартоўваць мясцовым «штрафбатам».

Скантактаваліся ўжо ў лістападзе мінулага году, калі Саша апынуўся ў ліку трох дзясяткаў грамадзян Украіны, якіх пры пасярэдніцтве амерыканскага боку вярнулі на радзіму. Пры гэтым не асабліва разбіраючыся, хто адкуль патрапіў у няволю.

Бо цяперашні дом Аляксандра Катовіча акурат у Беларусі. У роднай Адэсе пазнаёміўся з беларускай, закахаліся, пабраліся шлюбам і ў 2019-м аселі ў Менску.

Калі ў лютым 2022-га Пуцін напаў на Украіну, як сапраўдны патрыёт выказаў усё, што думаў пра агрэсара і ягоных памагатых. Першапачаткова следства распачало крымінальную справу за распальванне варажнечы, а па выніку назбіралася цэлае суквецце крымінальных артыкулаў.

28 сакавіка 2024-га Менгарсуд агучыў вердыкт па сукупнасьці «злачынстваў» – 5 гадоў зняволення. Па злой іроніі лёсу ў шклоўскай калоніі рабіў на швейцы загатоўкі ваеннай формы для расейскай арміі. Фактычнага акупанта. 

Самае сумнае, што за тры месяцы адноснай свабоды пасля датэрміновага вызвалення так і не пабачыўся з роднымі. Адразу была абавязковая рэабілітацыя ў Кіеве – наколькі разумею, не толькі з медычным складнікам, а і апытаннямі спецслужбаў на прадмет магчымай вярбоўкі.

Паралельна трэба было аднаўляць дакументы, паколькі, як узялі за практыку гэбісты, выкінулі з краіны без пашпарту. Былі супольныя намаганні падключыць праваабаронцаў, каб з улікам форс-мажору забяспечыць адтэрміноўку ад мабілізацыі – чалавек і без таго перажыў сваю ўнутраную вайну з беларускім рэжымам, заслужыў як мінімум спаткання з роднымі.

Не паспелі. Саша пацвердзіў, што за гэты час не пабачыўся ні з маці, якая не мела магчымасці прыехаць з Адэсы, ні тым больш з жонкай, якая засталася ў Менску.  

Аляксандр Катовіч. Першы дзень у Кіеве пасля вызвалення. Лістапад 2025 года

Саша Катовіч сярод герояў маёй будучай кнігі. Далей невялікі ўрывак ягоных успамінаў пра шклоўскую катавальню...  

– Зразумела, я да такога павароту не быў гатовы ад слова зусім. Тым больш, адразу на шчыт узнялі этнічны складнік: раз украінец, мушу паводзіць сябе максімальна ціха. Маўляў, будзеш высоўвацца, проста згінеш.

Калі прывезлі ў каранцін, да нас прыходзілі розныя начальнікі. Намеснік па рэжымна-аператыўнай рабоце ПК №17 Маскалёў – змрочны непрыемны тып – выклікаў мяне асабіста, пачаў распытваць, за што сеў. Кажу, за каментары. Дарэчы, чат трапіў у спіс экстрэмісцкіх фармаванняў ужо пасля майго затрымання, але задняй датай павесілі адпаведны артыкул.

Патлумачыў: цяжка стрымацца, калі бамбяць тваю краіну, па-сутнасці развязана поўнамаштабная вайна. Ягоны адказ не здзівіў: «А когда вы били по Донбассу, нормально было тебе и таким, как ты? Вот свое получил, будешь теперь сидеть. Начнешь высовываться, лично гарантирую путешествие по зонам золотого кольца Беларуси». Гэта даслоўна.

За што наогул сядзець? За праўду? Нават калі і хочацца пакараць, то вашым жа законам прадугледжаны штраф. На крайні выпадак існуе парадак анулявання дазволу на жыхарства ў Беларусі. А тут адразу 5 гадоў калоніі!

Як бы там ні было, адназначна акрэслілі, што я тут цалкам заслужана, іншых альтэрнатыў нават не прадугледжвалася. Нібыта сам абраў свой шлях. Далей лёгка праглядваўся мэтанакіраваны прэсінг.

Так і атрымалася: татальны кантроль над любым рухам, выпадковым выказваннем. Сярод асуджаных нямала ахвотных прадубляваць пабачанае і пачутае, ледзь не ўлезці ў твае «крамольныя» думкі.

Даносілі штабным аператыўнікам літаральна ўсё: кола зносін, тэмы размоваў, каго чым пачаставаў, нават калі гэта цыгарэта. Падсылалі шасцёрак, каб тыя слухалі, уціраліся ў давер і высвятлялі патрэбныя звесткі. Хай і абсалютна бессэнсоўныя, але паколькі ў Беларусі паўсюль татальны кантроль – ад дзяржпрадпрыемстваў да пенітэнцыярнай сістэмы – фіксавацца павінна кожнае слова.

— Мы з табой прайшлі падобным маршрутам, прынамсі на пачатковым этапе — Акрэсціна, Валадарка, Магілёў, Шклоў. Што наверсе хіт-параду па «незабывальнасці ўражанняў»?

– Безумоўна, турма на Акрэсціна, самыя жудасныя ўспаміны. Адразу кінулі ў карцар, дзе ўжо было запакавана 12 чалавек. Стаялі як коні, месца  практычна не было. Сядзелі на кукішках па чарзе. Акурат лета, тэмпература ўнутры пякельная, яўна вышэй за 40 градусаў. Вопратку можна было выкручваць ад поту.

На Валадарцы крыху ліберальней рэжым, але жахлівыя камеры, перанаселенасць, антысанітарыя. А галоўнае, разам з заменамі следчых у прагрэсіі расла колькасць інкрымінаваных артыкулаў. Асабліва вакол асобы Лукашэнкі. Абразіліся, што ён «вусаты», палічылі паклёпам, што на выбарах задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс.

Магілёў паскладаней, большы кантроль за жоўтабірачнымі, шмат непатрэбнай муштры.

Ну, а Шклоў – гэта ўжо гайкі на максімум, абмежаванае кола зносін, псіхалагічны ціск. Натуральна, не толькі ўкраінцаў датычыць, палітычныя беларусы з шыза практычна не вылазілі. Дзясяты прафулік – усё, закляты вораг.

Аляксандр Катовіч да затрымання ў Беларусі

— Хочацца пажадаць былому калегу-палітзэку, каб усё ўрэшце завяршылася максімальна паспяхова — і для яго персанальна, і для ягонай шматпакутнай Украіны, — заключае Ігар Карней.

***

Украінскі праваабаронца Уладзімір Яворскі раней тлумачыў Еўрарадыё, што сітуацыя з прызнаннем статусу грамадзянскіх асоб, якія знаходзіліся ў беларускім палоне або ў беларускіх месцах пазбаўлення волі, з’яўляецца даволі складанай і неадназначнай.

— Акрамя таго, атрыманне статусу наўпрост звязана з паняццем «дзяржава-агрэсар». На сёння такой афіцыйна прызнана толькі Расійская Федэрацыя. Беларусь фармальна ў гэты пералік не ўваходзіць, — адзначаў праваабаронца.

Тым не менш на практыцы ўжо былі выпадкі, калі людзям, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі, усё ж прысвойвалі адпаведны статус.

— Гэта сістэмная праблема, звязаная з тым, што механізм працы камісіі распрацоўваўся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання і не быў разлічаны на цяперашнія маштабы, — падкрэсліваў Яворскі.