«А адкуль узяўся гэты парламент?», — не разумеў я. «Народ выбраў». І ў мяне здарыўся кагнітыўны дысананс: ці можа адзін чалавек разагнаць парламент, які выбраў цэлы народ, і як так атрымалася, што народ выбраў дрэнны парламент?
Фронтмэн гурта Rahis: «Не чакаў, што ўсё будзе фактычна як у песні. Чакаў іншага – хацеў вітаць Еўропу ў Беларусі»
Як былы вайсковец роты аховы Мінабароны здзівіў ахову на Акрэсціна. Дзяніс Філіпенка распавёў «Салідарнасці» пра затрыманні, вымушаны ад'езд з краіны, чаму ганарыцца беларусамі і першы юбілей у эміграцыі.
Добры дзень, мая Эўропа!
Як жывеш, распавядай.
Для мяне ты так далёка,
Як забыты, дзіўны край.
Гэтыя радкі напачатку 2000-х напісаў Дзяніс Філіпенка падчас вучобы ў педагагічным універсітэце на настаўніка геаграфіі. Тады па-за была служба ў элітнай роце аховы міністэрства абароны, а наперадзе стварэнне музычнага гурта Rahis.
Сэнс радкоў, якія праз 15 гадоў сталі адной з самых вядомых песень гурта, мяняўся з цягам часу. Калі напачатку нулявых Дзяніс проста марыў пра вандроўкі па Еўропе, то праз дзесяць гадоў ён чытаў свае радкі як палітычны маніфест з прапановай геапалітычнага выбару для беларусаў.
Яшчэ праз дзесяць год напачатку 20-х ён ужо сам, зведаўшы рэпрэсіі ў сваёй краіне, вымушана аказаўся ў Еўропе, дзе жыве дагэтуль.
«Усё было беспрэцэдэнтным і варта Нэтфліксу, пра гэта трэба здымаць кіно»
— Відавочна, што вы не былі адным з тых, хто толькі ў 2020 годзе вызначыўся са сваёй грамадзянскай пазіцыяй?
— Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, мне было 12 гадоў. А ўжо ў 15 я пачаў звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў краіне. Памятаю, калі разагналі парламент, я запытаў у знаёмага дарослага, чаму так здарылася. Ён адказаў, што гэта «добры прэзідэнт разганяе дрэнны парламент».
Пасля наогул усе стала хутка мяняцца. Спачатку ў школе казалі, што Савецкі Саюз — самая лепшая і самая моцная краіна. Але праз пару гадоў «самая моцная краіна» развалілася і з’явіліся бел-чырвона-белыя падручнікі, па якіх выкладалі зусім іншую гісторыю.
Прайшло яшчэ пару гадоў, тыя падручнікі прыбралі, іх аўтараў зрабілі дысідэнтамі, і з’явілася новая гісторыя. Тады я, сын настаўніцы гісторыі, зноў задумаўся, што адбываецца штосьці не тое, бо не можа гісторыя так кардынальна змяняцца раз на два гады.
Затое гэта навучыла мяне крытычнасці розуму, я стаў рабіць свае высновы. І к моманту, калі паступіў ва ўніверсітэт у 1999 годзе, я ўжо ясна сабе ўяўляў, што побач з намі сапраўдная рэваншысцкая імперыя, якая ў кожнай краіне па-рознаму дамагаецца адной мэты.
Каб вырашаць свае ўнутраныя праблемы, ім заўсёды патрэбныя правы на гвалт дзесьці яшчэ, у ідэале, хаця б маленькая «пабеданосная вайна», каб дакладна было чым ганарыцца. І ўсё ж аб кагосьці імперыі заўсёды ламаюцца і распадаюцца.
— Калі вы перайшлі на беларускую мову?
— Я актыўна стаў размаўляць дзесьці на 2 курсе. У той час мне здавалася, што ўсе, хто размаўляюць на мове, ведаюць адзін аднаго. Пасля такіх людзей станавілася больш.
— У адным з інтэрв'ю ў 2015 годзе вы казалі, што нават калі б тады адбылася рэвалюцыя, наша грамадства гэтыя змены не заслужыла. А ў 2020 беларусы заслужылі тое, што здарылася, і ці не была гэта параза?
— У 2020-м я выходзіў з усімі, але сам за сябе і сваю сям'ю. Асабліва не разлічваў, што там будзе яшчэ хтосьці, акрамя мяне. Тады быў такі геапалітычны расклад, бачыў, спадзявацца нам няма на каго. Да таго ж ведаў, што на мяжы стаяць расійскія войскі. Ад гэтага было балюча за тое, што магло адбыцца.
Таму ўсе гэтыя размовы кшталту «злілі пратэст», «ва ўсім вінавата Ціханоўская» мяне забаўляюць. У нас быў не мяцеж, не бунт, у нас быў грамадскі пратэст, на які выйшлі лепшыя людзі.
Я проста захапляўся імі, думаў, адкуль яны ўсе ўзяліся: гэтая файная моладзь і не толькі — усе гэтыя прыгожыя пратэстоўцы? Асабліва хачу адзначыць беларусак. Я ўсё бачыў на свае вочы — хто там быў — такое ўжо ніколі не забудзеш.
Гэта такая сумесь гонару, годнасці, адрэналіну, адчування, што кожны добра ўсё ўзважыў, каб выйсці і паказаць, што можна ўжо не хаваць сябе.
Гэта была не параза, а такі этап. Спачатку, у 2000-х, людзі былі з большага ўвогуле апалітычнымі. Калі напрыканцы дзясятых гадоў пачаліся эканамічныя праблемы, стала з’яўляцца шмат тых, хто разумеў, што разам з эканомікай ідзе палітыка. І ўсё ж іх яшчэ не была большасць.
У 2015 годзе грамадства, на мой погляд, апынулася ў нейкім анабіёзе, летаргічным сне ці, як кажуць, унутранай эміграцыі. А частка ўжо тады з'ехала ў сапраўдную эміграцыю.
У 2020 годзе я вельмі зацікавіўся падзеямі, калі Бабарыка аб’явіў, што ідзе на выбары. Я ацаніў гэты крок, лічу яго смелым і ідэалістычным. Гэта быў і важны знак для іншых, што сумленныя людзі і з такім бэкграўндам, наконт якога некаторыя любяць паспрачацца, могуць ісці ва ўладу.
Таксама з’явіліся Цапкала і Ціханоўскі — усе розныя, але яркія. Было цікава, да якога моманту Лукашэнка дазволіць ім дайсці, ці змогуць яны хаця б падаць дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі.
Ён не дазволіў ім зарэгістравацца, але нават тое, што яны з’явіліся, паказала, што Лукашэнка згубіў нітку сваёй палітычнай гульні. Ён яўна не разлічваў на такі ваў-эфект, скіраваны супраць яго ўлады.
Пасля былі тыя велізарныя чэргі, і людзі, нават пры тым, што пасадзілі амаль усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, гатовыя былі галасаваць хоць за каго.
Калі пайшла Ціханоўская, як тая Жанна д'Арк, гэта мяне моцна кранула. Аб'яднанне штабоў стала вельмі натхняльным крокам. Усё было беспрэцэдэнтным і варта Нэтфліксу, пра гэта трэба здымаць кіно.
«Прапаршчык паглядзеў маю асабістую справу і нават пералічыў услых: «Рота аховы, універсітэт — як цябе сюды занесла?»
— Ці было вам страшна падчас пратэстаў?
— У жніўні мы былі з сябрамі ў паходзе на Браслаўскіх азёрах. Раніца ў нядзелю дзявятага стала апошняй, калі мы адчувалі сябе спакойна і толькі размаўлялі пра тое, што будзе. Паехалі на Мінск, а там на ўездзе ўжо стаялі браневікі.
Дарэчы, я галасаваў датэрмінова перад паездкай у сваёй школе ў Лідзе. Склаў бюлетэнь, сфатаграфаваў, падышоў да настаўнікаў і папрасіў: «Калі ласка, не рабіце нічога дрэннага, не падвядзіце нас». Яны тады ўпэўнена адказалі, што не збіраюцца нічога такога рабіць.
У канцы кастрычніка мне прыйшла позва ў суд. Я не хацеў чакаць, пакуль нехта будзе біцца ў дзверы да маіх дзяцей, таму пайшоў. Мне выставілі абвінавачванне на падставе маіх жа фота ў сацсетках за ўдзел у пратэстах. Справа была шыта белымі ніткамі, там не супадала нічога.
І калі я заявіў, што ўсё не так, гэтага не было, маладая суддзя запытала мяне: «А як было насамрэч?». Не стаў каментаваць, бо разумеў, што няма сэнсу, усё будзе выкарыстана супраць мяне.
Прысудзілі 13 сутак, але, на здзіўленне, адпусцілі дамоў і папярэдзілі, што скажуць, калі патрэбна адседзець. Нібыта на той час у турмах скончыліся месцы.
Я нават расчараваўся, бо ішоў, гатовы да «справядлівага» пакарання, апрануўся, сабраў рэчы. А так сядзі і чакай кожную хвіліну. Праз два тыдні зноў прыйшла позва, на гэты раз да следчага ў Цэнтральны РАУС.
Пабачыўшы мяне, ён здзівіўся: «Чаго прыйшоў? Лепш бы не прыходзіў. Але раз прыйшоў, то пайшлі». Мы зайшлі да яго начальніка і той даў загад афармляць маё затрыманне, зноў на падставе фота з майго інстаграму.
Цікава, што праз некалькі дзён у мяне быў суд па скайпу з Акрэсціна і той начальнік, як высветлілася, выконваў ролю «сведкі ў балаклаве». Уключаюць скайп, а ён не паспеў нацягнуць балаклаву, таму я яго пазнаў.
Было вельмі смешна, бо калі мы знаёміліся, ён быў маёрам, а калі быў «сведкам»-самазванцам, стаў старшым прапаршчыкам.
На першую ноч пасля затрымання мяне пакінулі ў тым РАУС, у іх каталажцы ў падвале. І гэта была бадай самая страшная ноч у маім жыцці. Мяне змясцілі ў памяшканні памерам прыблізна два на тры метры з адной жалезнай лавай.
Святло там выключалі і пакідалі толькі маленькі агеньчык, дыхаць было няма чым, прыбіральні не было. І ўвесь час туды закідвалі сапраўдных псіхаў, такіх вялікіх і гучных.
Яны лаяліся, хадзілі пад сябе ў туалет і чапляліся да мяне. Не ўсе былі бамжамі, адзін дакладна меў жыллё і сям'ю, і яго родныя на яго выклікалі міліцыю.
У той камеры я марыў пра Акрэсціна, і калі на наступны дзень мяне туды павезлі, здаецца, быў адзіным, хто ехаў і ўсміхаўся. Я радаваўся таму, што можна дыхаць паветрам і што побач няма ніводнага псіха.
Але ж радаваўся я нядоўга. На Акрэсціна ў тыя дні таксама было горача: ідзеш і чуеш, як збіваюць людзей. Пасля ўсё як ва ўсіх: спачатку «стакан», 50 на 50 см, дзе стаіш і не ведаеш, калі цябе вызваляць, пасля камера, дзе на 6 месцаў упіхнулі 16 чалавек.
А потым быў той суд па скайпу. На ўваходзе ў пакой, дзе адбываўся, як бы мовіць, «працэс», сядзеў прапаршчык. Ён паглядзеў мае дакументы, сярод якіх быў ваенны білет, і спытаў, ці праўда, што я служыў у роце аховы і як змог тут аказацца. Адказаў, што затрыманы за фота ў інстаграме, той не паверыў: «Не можа быць!».
Пасля ўжо падчас суда быў яшчэ характэрны эпізод. Той прапаршчык выйшаў з пакою і пакінуў дзверы адчыненымі. А ў калідоры ў той момант некага моцна збівалі, даносіліся крыкі.
Суддзя збянтэжыўся і кажа: «Дзяніс Аляксандравіч, вы не маглі бы зачыніць дзверы, бо вельмі гучна». Тут заходзіць нейкі сілавік, я кажу, што суддзі перашкаджаюць «аб'ектыўна судзіць» крыкі, і той цалкам спакойна пагаджаецца: «Добра, зараз зачыню дзверы». Такая працоўная атмасфера.
На тым судзе мне зноў далі 13 сутак, бо ўлічылі што я бацька трох дзетак. Дарэчы, за мной прыйшоў чарговы прапаршчык, таксама паглядзеў маю асабістую справу і нават пералічыў услых: «Рота аховы, універсітэт — як цябе сюды занесла?».
Ён паабяцаў мне «добрую камеру» і завёў, напэўна, у лепшую з тых, што былі — да замежнікаў, хлопцаў з Малдовы, валанцёраў з дзіцячага цэнтру. А яшчэ загадаў, каб мяне пакармілі.
Пасля мяне перавезлі ў Жодзіна, і я перайшоў у рэжым выжывання: стараўся не звяртаць увагі на крыкі, пад’ёмы сярод ночы, гэтыя «ногі на шырыні плеч, рукі за спіну, тварам у сцены». Да таго ж кампанія там была добрая.
— Калі вы вырашылі з'язджаць?
— Яшчэ паміж судамі, разумеў, што хутка будзе і крымінальная справа, рыхтаваў візы. Выйшаў з сутак і, як толькі візы былі гатовыя, мы хуценька завяршылі ўсё, што маглі, селі ў машыну ўсе ўпяцёх і котка, і рушылі насустрач прыгодам.
На мяжы я вельмі баяўся, што мне прыпомняць той прысуд з адтэрміноўкай, які я так і не адбыў. Памежнік адкрыў багажнік, паглядзеў на наш скарб, чамусьці спытаў: «Вы ж ужо не вернецеся?». Кажу, не, і ён нават нічога не пераварочваў: «Едзьце».
«Працую з раніцы да ночы, 30 дзён на месяц. Жартую, што зараз мой дом — машына»
— Ну вось і «добры дзень, мая Эўропа». Ці згадвалі сваю песню?
— Не чакаў, што ўсё будзе фактычна як у песні. Я, канешне, чакаў іншага, хацеў вітаць Еўропу ў Беларусі.
— А ў Беларусі напярэдадні нядаўняга Дня перамогі раздавалі георгіеўскія стужкі.
— Ну так, расейцам важна, як сабакам, памеціць тэрыторыяю. А зараз яны хочуць паказаць, што раз не ва Украіне, дык хоць у Беларусі яны нейкая сіла.
Але беларусы не надта актыўна далучаюцца да такіх акцый. І далучаюцца ў большасці адны і тыя ж з года ў год. Тыя, хто не прызвычаіўся думаць самастойна, а карыстаецца падказкамі з тэлевізара. Такім што заўгодна пакажы, яны падтрымаюць.
Наогул, мне падаецца, што гэты двіж з расейцамі беларусаў раздражняе. А тыя не за свабодай едуць, яны едуць за інтэрнэтам. Яны ўспрымаюць Беларусь як такую «лайтовую Расею», і напэўна здзіўляюцца, што ў іх бок столькі раздражнення.
Пры гэтым быццам бы не разумеюць, што да чаго, маўляў, што мы вам зрабілі, чаму вы так да нас ставіцеся.
— Вы сказалі, што там ёсць беларусы, якія думаюць у такім жа рэчышчы, як вы. З улікам таго, што адбываецца, як вы лічыце, ці шмат іх?
— Упэўнены, што іх шмат, проста яны жывуць у вымушаных абставінах. Думаю, калі мне давялося б там жыць, я бы проста замаўчаў, нікуды б не ездзіў, не хадзіў на тыя канцэрты. Але ж усе мы розныя, і з’ехаць могуць не ўсе, і сядзець моўчкі гадамі. Я гэта разумею.
Так, некаторыя змаглі не пагадзіцца, хтосьці нават у турму сеў, шмат хто з’ехаў, было і ёсць шмат людзей, якія маюць жаданне і робяць нейкія актыўныя крокі.
А хтосьці не хоча ці не можа, і я не магу іх наракаць за гэта. Гэта іх выбар. Больш за пяць гадоў прайшло, людзі прызвычаіліся, хтосьці сапраўды змірыўся, маўляў, жыццё працягваецца, жывём далей.
— А хтосьці расчараваўся, бо чакаў, што хоць нешта добрае адбудзецца, аднак з кожным днём усё горш і горш, усё больш рэпрэсій. Таму некаторыя нават шкадуюць, што не ўжывалі сілавы сцэнар.
— Не думаю, што нам бы гэта дапамагло. У Беларусі не было, як ва Украіне, расколу ў элітах, у сілавых структурах, якія б маглі актыўна і зацікаўлена падтрымаць пратэст.
Так, расчараваліся і нават папракаюць: і арганізацыя ім была не такая, і Ціханоўская не тая. Для мяне яна проста легенда, прыклад смеласці, хаця яна не выглядае смелай.
— Вы таксама раней казалі, што яшчэ падчас рэферэндуму-1995 рэжым Лукашэнка зрабіў разварот у бок Расеі і шмат гадоў заставаўся ментальна адкрытым толькі на Усход. Зараз вектар так і не змяніўся?
— Я лічу, што за гэты час адбыліся важныя падзеі — і ў 2010, і ў 2020 годзе. Крута, што тады нас было нечакана шмат. Шчыра скажу, не чакаў, што столькі людзей маюць адну мэту.
І пасля кожнага разгону пратэстаў быў перакананы, што наступным разам ніхто не выйдзе. Але кожны раз захапляўся тым, колькі людзей пераступіла праз страх, праз няўпэўненасць, а ці пойдуць іншыя.
І тэрор, адкрыты і жорсткі, адбываўся доўгі час, а людзі ўсё ішлі і ішлі. Добра памятаю, як Лукашэнка 16 жніўня заявіў, што ён упэўнены, больш ніхто не выйдзе, але зноў выйшлі, нават яшчэ больш, чым раней.
І падзеі 2020-га паказалі ўсяму свету, што ёсць такая Беларусь, ёсць такія беларусы, актыўныя, смелыя, прыгожыя, якія не баяцца.
Факт, што нас разагналі, пасадзілі, забілі, выцеснілі. Аднак я перакананы, што ў такой формы рэжыму няма будучыні. Ён неэфектыўны. З таго, што я чую ад Лукашэнкі, зразумела, што ні Беларусь, ні беларусы яго насамрэч не турбуюць. Яго турбуе толькі свая ўлада.
І ў гэтым ён не арыгінальны. Былі дыктатары і да яго, і ўсе яны вялі сябе тыпова. І канчалі тыпова. На маю думку, Лукашэнка скончыць, як скончыцца расейскі рэжым.
Усё ж не лічу 2020 год паразай. Гэта была чарговая спроба краіны змяніць курс, і з гэтай спробы зноў не атрымалася. Але гэта нічога не мяняе.
— Як вы ўладкаваліся ў эміграцыі з трыма дзецьмі?
— У дзяцей больш-менш усё добра, яны вучацца. А дарослыя працуюць. Я спачатку тут займаўся тым жа, чым і на Беларусі, імпартам будаўнічых матэрыялаў. Першы год справы ішлі даволі добра, а пасля пачалася вайна.
Тады я пайшоў класічным шляхам эмігранта — у таксі. І цяпер у мяне новы досвед.
— Колькі гадзін даводзіцца працаваць?
— Працую з раніцы да ночы, 30 дзён на месяц. Жартую, што зараз мой дом — машына.
— З нагоды вашага першага юбілею ў эміграцыі вы напісалі сапраўды натхняльны пост: «Сёння 5 гадоў з моманту пачатку майго квэсту ў Польшчы. Ні пра што не шкадую. Актыўным беларусам вельмі ўдзячны за выдатную кампанію 2020! Такое ўжо не забыць. Сумую, канешне, па ўсім. Нос не вешаем, трымаем кулакі вышэй. Беларусь жа жыве, пакуль мы ёсць адзін у аднаго. Усіх абдымаю. Самі, напэўна, ведаеце, дзе мы ўжо ўсе сустрэнемся!».
— У мяне заўсёды такі настрой. Ніколі не было панікі накшталт «усё прапала». Дарэчы таксі дапамагае добра паразважаць на розныя тэмы, у тым ліку і пра тое, хто ты тут і як так сталася.
Праз цябе праходзіць вельмі шмат людзей, паслухаеш іх гісторыі, асабліва ўкраінцаў, і разумееш, што ў цябе не так усё і дрэнна. І перажываеш шмат чаго разам з імі. Сустракаю палякаў, якія цікавяцца падзеямі ў нашай краіне, з такімі заўсёды цікава размаўляць.
Мне наогул здаецца, што праз усе гэтыя сустрэчы я стаў іншым чалавекам, стаў больш разумець іншых.
Таксі — мая галера, этап, вопыт, які лічу значным, але, спадзяюся, хутка яго пераадолею.
— То-бок збіраецеся змяніць сферу дзейнасці. А з музыкай гэта ніяк не звязана?
— Апошні раз на вялікай сцэне мы выступалі ў Варшаве на PRADMOVA чатыры гады таму. Таксама на «Ночы расстраляных паэтаў» у Кракаве. Музычную гісторыю я не закрываю, але пакуль пра гэта нічога не буду казаць.
Читайте еще
Избранное