Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Аляксандр «Кусь» Клачко: «Зразумеў, што трэба заходзіць не напралом, а з чорнага ходу – праз сем’і, жонак і дзяцей ветэранаў, якім патрэбная дапамога»

Былы добраахвотнік Аляксандр «Кусь» Клачко ў вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» распавёў пра падтрымку беларускіх ваяроў, ці лёгка адаптавацца да мірнага жыцця і колькі важаць малыя крокі ў вялікай справе.

Цішотка з дызайнам, які нагадвае пра палонных каліноўцаў «Кляшча» і «Тромблі», Кіеў, 2026. Усе здымкі з асабістага архіву суразмоўцы

Каліновец-ветэран чакаў легалізацыі ў Літве амаль год. Хоць меў у «анамнезе» палітычны пераслед у Беларусі, інваліднасць, атрыманую на фронце ва Украіне, і шмат рэзонаў асесці там, дзе яго некалькі год чакалі блізкія людзі.

— Калі ў студзені 2025-га мне паведамілі пра станоўчае рашэнне аб уцякацтве — як быццам GPS-бранзалет з нагі знялі, які абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, — згадвае Аляксандр у гутарцы з «Салідарнасцю».

Мы сядзім у адной з кавярняў літоўскай сталіцы, дзе пасля легалізацыі Аляксандр жыве і працуе, лекуецца, узмоцнена вучыць літоўскую і англійскую — і сістэмна падтрымлівае іншых беларускіх добраахвотнікаў, якія пасля дэмабілізацыі з УСУ сутыкнуліся з шэрагам праблем у розных краінах.

«Прымаў па 17 таблетак у дзень»

— Першыя паўгады ў чаканні ўцякацтва яшчэ няможна было ўладкоўвацца на працу, але я ўсё адно неафіцыйна працаваў, — распавядае «Кусь». — А з верасня 2024 па люты 2026 рабіў у арганізацыі, мэтай якой з'яўляецца пераадоленне прававой дыскрымінацыі беларусаў за мяжой. Зрэшты, паводле заключанай дамовы, не магу разгалошваць дэталі. Цяпер знайшоў новую працу — на будоўлі.

Красавік-2026

Таксама здаў на правы. Хоць тэорыю з першага разу «заваліў» на адным пытанні, бо ў Беларусі было так, а ў Літве інакш. Пераздаў потым на англійскай — і суб’ектыўна падалося, што было нават лягчэй, бо фармулёўкі пытанняў не такія заблытаныя.

Практыку, таксама з перакладчыкам, здаў лёгка —  але да апошняга сумняваўся, бо не пачуў ад экзаменатара «exam is passed». Я ж стаж кіроўцы маю 15 год. Думаў, можа ў Літве за стырно таксоўкі сесці — аднак трэба не менш як два гады досведу ўжо з літоўскімі правамі, а беларускі стаж не залічылі, і я тут навічок.

Насамрэч, кажа Аляксандр, яго ніякая праца не палохае — бо кім толькі ні давялося папрацаваць у жыцці:

— У юнацтве працаваў на будоўлі, больш за 10 год — на чыгунцы ў розных службах. Меў ІП, быў экспедытарам, кіроўцам таксі ў Баранавічах, потым там жа кіраўніком філіялу, — пералічвае ён. — У Літве пачынаў з заробку, мабыць, 4 еўра за гадзіну. Мыў вокны, быў дастаўшчыкам Bolt, прыбіраў на кухні, на могілках, падпрацоўваў у вытворчасці медычных масак, потым у ІТ-кампаніі. Адтуль і паехаў ва Украіну. Па вяртанні, канешне, давялося шукаць працу наноў.

2024 год, падпрацоўкі ў Літве

Калі б я быў адзін, можа, задаволіўся б заробкам кур’ера ці кіроўцы грамадскага транспарту. Але ж мы з Любай (Любоў Рабцэвіч, грамадзянская жонка і паплечніца Аляксандра — С.) і дзецьмі. Аплату жытла я ўзяў на сябе, нават з Украіны знаходзіў, як дасылаць грошы. На сёння трэба сама меней 1000 еўра толькі на кватэру.

Пры тым я пацвердзіў у Літве інваліднасць, у пасведчанні пазначана 45% страты працаздольнасці. Гэта значыць, што на фізічна цяжкіх працах, з той жа разгрузкай, шчыраваць не магу.

Будоўля — на сёння адзіны варыянт, які задавальняе мяне па заробку. Аформіўся як ІП, магу і ў выходны выйсці, калі палічу патрэбным. Першыя дні вельмі стамляўся, 6 кіло вагі згубіў, а цяпер неяк уцягнуўся.

— Дарэчы, з інваліднасцю трэба ж пастаянна маніторыць стан здароўя — які ў вас досвед стасункаў з літоўскай медыцынай?

 — Так, я быў камісаваны ўвосень 2023 года ў сувязі з хваробай нырак, атрыманай на фронце — недзе ў той час, як быў у Бахмуце, у Нью-Ёрку пад Горлаўкай… У заключэнні ўкраінскай камісіі пазначана: «па хваробе, звязанай з захістам батьківщіни».

Калі вярнуўся ў Літву, прымаў па 17 таблетак у дзень.

— Колькі?!

— Сямнаццаць. Каштавала гэта некалькі соцень еўра, дзякуй беларусам Чэхіі, якія дапамагалі набываць. Прычым гэта былі моцныя лекі, я ад іх ажно апухаў — і мабыць, той, хто не ведаў сітуацыі, лічыў, што «Кусь», выбачайце, бухае па-чорнаму. А я з траўня 2023 года не ўжываю анякі алкаголь.

Пашанцавала з тым, што яшчэ дзейнічаў мой працоўны від на жыхарства, і паспеў па страхоўцы трапіць да нефролага ў Сантарышкі. Цудоўная доктарка, вельмі прафесійная, сабрала кансіліум па маім выпадку. А потым ВНЖ скончыўся, уцякацтва яшчэ не атрымаў — і фармальна мяне няма ў спісах бальнічных кас, прыняць лекар мяне не можа.

Але ж, мабыць, спрацаваў чалавечы фактар. Яшчэ раз мяне пракансультавалі — распісалі аналізы, схему лекаў, з паніжэннем, удалося замяніць 17 пігулак дзвюма іншымі.

У наступны раз я атрымаў даведку з бальнічных кас: маўляў, урачы мусяць прыняць мяне, калі неаказанне дапамогі рэзка пагаршае стан здароўя. Але ж без аналізаў адкуль ты ведаеш, як справы — хіба па нейкіх другасных прыкметах, як стамляльнасць. Таму нават з той паперай трапіць да медыкаў займала два-тры дні, і я вырашыў ужо далей не даказваць, што не вярблюд, толькі здаваў платна аналізы час ад часу.

Пасля атрымання ўцякацтва прымацаваўся да паліклінікі. Там ужо нефролаг не такі ўважлівы, шчыра скажу: направіў на здачу выключна «ныркавых» аналізаў, якія ў мяне тры гады як дрэнныя. Але затое сямейная лекарка прыслухалася да маіх скаргаў на павышаную стамляльнасць і адправіла на пашыраныя аналізы.

Аказалася, нізкі гемаглабін, высокі халестэрын, вітамін Д у разы меншы за норму, яшчэ адхіленні — карацей, такая бабка старая (Смяецца).

Цяпер п’ю лекі, прымаю вітаміны, трымаю дыету. Бо трэба пабыць у рэжыме захавання энергіі, каб хапіла сіл ствараць матэрыяльны падмурак для будучыні тут ў эміграцыі (пенсія не за гарамі) і захаваць сябе на той момант, калі прыйдзецца вызваляць Беларусь ад нелегітымнага рэжыма Лукашэнкі і Масквы.

З пабрацімам у Варшаве, 2026

«На вайне мы героі, а калі вяртаешся ў мірнае жыццё — кожны сутыкаецца з хваляй хейту»

— За мінулы год паўсталі дабрачынная арганізацыя «KUS», ініцыятыва «Росквіт». Вы ад пачатку ведалі, што будзеце гэтым займацца, ці ў пэўны момант паўстала неабходнасць?

— «Ветэранка», падтрымка нашых добраахвотнікаў — для мяне першачарговае.

Спярша папрасіў дапамагчы Аляксандр Царук «Сашко», былы ваяр Палка Каліноўскага — мы з ім пасябравалі вясной 2022-га ў Мікалаеве, але потым ён з’ехаў з-за праблем па здароўі, — адказывае суразмоўца.

Аляксандр Царук заснаваў у Вільні арганізацыю Krait. Бо на сабе адчуў і ведаў, як гэта: сутыкнуцца з фізічнымі і псіхалагічнымі наступствамі вайны і не ведаць, як атрымаць дапамогу. У яго самога пасля фронту дыягнаставалі рак, але да апошняга ён ладзіў і наведваў акцыі салідарнасці беларусаў. Увесну 2024 года «Сашко» не стала.

«Кусь» згадвае, што гэтая арганізацыя шукала псіхолагаў для сем’яў добраахвотнікаў у Літве. Люба Рабцэвіч дапамагала ў ветэранскай тэме з 2022 года, сам «Кусь» спрычыніўся прыканцы 2023-га да збору калядных падарункаў дзецям ветэранаў: іх набыла дыяспара беларусаў у Нямеччыне, дастаўку арганізоўвалі праз Польшчу, прычым з удзелам беларусаў з розных краін і гарадоў.

— Тады перадалі падарунак і ўнучцы «Сашко», а я з ім убачыўся ўпершыню пасля фронту. У яго ўжо быў вельмі дрэнны стан: моцна схуднелы, анкалогія, праблемы з алкаголем. Страта здароўя ўжо была вельмі значная (70%), і трэба было не тое што камусьці іншаму, а яму самому дапамагаць, выцягваць. Люба мая кропельніцы ставіла, булёнчыкі ездзілі варыць…

Аляксандр Клачко з грамадзянскай жонкай і паплечніцай Любоў Рабцэвіч, 2025

Ведаеце, яшчэ ў студзені 2024-га, калі «Сашко» клікаў стаць дырэктарам ягонай некамерцыйнай арганізацыі — у мяне была пазіцыя: ай, не дуры галавы, я не збіраюся выціраць соплі дарослым мужыкам. Падтрымліваць трэба дзейных добраахвотніках, хто ў акопах. А праз месяц прыйшло разуменне, што былыя ваяры — досыць табуяваная ў Еўропе тэма, і што з усіх праграм падтрымкі яны нібыта выпадаюць.

На сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у лютым таго ж года я агучыў гэтую думку. Я зразумеў, што трэба заходзіць не напралом, а з чорнага ходу — праз сем’і, жонак і дзяцей ветэранаў, якім патрэбная дапамога. Гэтая тэма прасцей для разумення і сярэднестатыстычнаму еўрапейцу, і прадстаўніку еўрабюракратыі, і мірнаму беларусу.

Таму, калі «Сашко»  трэці раз завёў гутарку пра падтрымку ветэранаў — я пагадзіўся. Гэта быў люты 2024-га. Пазней дачка «Сашко» і ягоная спадкаемца памяняла назву арганізацыі. Разам мы выдатна зрабілі добрую справу, пачатую яе бацькам: арганізавалі ў снежні-2024 збор на калядныя падарункі дзецям ветэранаў Літвы. Потым нашыя шляхі разышліся.

Мы ж з Любай у 2025 годзе зарэгістравалі дабрачынную арганізацыю «KUS», а ўжо ў яе межах паўстала ініцыятыва «Росквіт», як накірунак дапамогі ветэранам і іх сем’ям. Хоць і былі ўнутраныя бар’еры: адразу скажуць, што вы, маўляў, грантасмокі. Гэта на вайне мы героі, а калі вяртаешся ў мірнае жыццё — кожны сутыкаецца з хваляй хейту. У мяне таксама ён быў, і зараз ёсць. Праўда, публічна крытыкі чамусьці не гатовыя паразмаўляць, толькі кідацца абвінавачаннямі ў сеціве.

Адмыслова зрабілі, каб у назве не было нічога пра ветэранаў ці вайну — на досведзе Асацыяцыі ветаранаў Польшчы бачылі, што гэта адштурхоўвае. Нават рахунак на такія мэты банкі некалькі месяцаў адмаўлялі нам адкрыць.

А дапамога патрэбная вельмі многім. Я сам тройчы адмаўляўся, калі BYSOL прапаноўваў адчыніць збор — прынцыпова не падаваўся, бо негатовы прасіць на ежу і на жыллё. Дайце легалізацыю, а далей сам зараблю. Але ж у кожнага — свая сітуацыя. І бываюць выпадкі, калі «сам» недастаткова ці наогул немагчыма, а прасіць чалавек не ўмее.

Сябры-беларусы ў Львове, 2026

Многія хлопцы наўпрост баяцца звярнуцца да псіхолага. Хоць псіхіка, калі ты ўвесь час на вайне, безумоўна траўмуецца. Прывяду будаўнічую аналогію: калі класці камяні ў цэмент, і ўсё класці, класці зверху, а ніжні слой не застыў — усё распаўзеца.

Часам трэба рабіць перапынак (для беларускіх добраахвотнікаў гэта магчыма, у адрозненне ад украінскіх) — гэта  час, каб першы слой зацэментаваўся, і ты не застаўся галавой на вайне да канца жыцця. Але ўсё адно вайна ўсіх, хто прайшоў баявыя аперацыі, незваротна мяняе. І тыя праблемы, якія былі ў цябе раней (з псіхікай, з азартнымі гульнямі, алкаголем, наркотыкамі) — яны ўзмацняцца.

— Што ўжо атрымалася зрабіць за год? Ведаю, што зладзілі псіхалагічную  падтрымку для добраахвотнікаў і іх блізкіх…

— Дарэчы, менавіта з гэтай справай цікавая гісторыя. Каманда BYSOL вырашыла падтрымаць наш збор на дзяцей і са сваіх грошай ахвяравалі 2000 еўра. Але на той момант на падарункі ўжо хапала сродкаў ад нераўнадушных беларусаў — дамовіліся, што накіруем гэтыя грошы на псіхолагаў.

З дапамогай ветэранскай арганізацыі Польшчы атрымалася аплаціць 49 сеансаў для 7 чальцоў сем’яў беларускіх ветэранаў. Нават 30 еўра я сваіх заданаціў, бо аплата паслуг за межамі ЕС вымагала вялікай камісіі.

Акрамя таго, штогод у чэрвені, нават пакуль не было арганізацыі «KUS», я раблю вечар памяці ваяроў-каліноўцаў «Брэста», «Сябро», «Атама», «Папіка», трапіўшых у палон «Кляшча» і «Тромблі» — мерапрыемства «Бой пад Лісічанскам».

Сёлета яно таксама адбудзецца, гэта мой асабісты гештальт перад хлопцамі. З «Папікам» і «Кляшчом» мы пачыналі сябраваць, і калі б яны былі жывыя і на волі, я ўпэўнены, сёння былі б лепшымі сябрамі.

Атрыманне «Нагруднага знака за ўдзел у баявых дзеяньнях і абарону Украіны» з рук пабраціма і камандзіра Палка Каліноўскага Паўла «Дзядзькі» Шурмея, Вільня, 2025

«Калі кажуць: «У цябе нічога не атрымаецца», — адказваю: «Я паспрабую»

Працягвае «Кусь» і перадсвяточныя зборы для дзяцей ваяроў (летась далучыліся нават дэпутаты Сейма Літвы), і зборы на псіхалагічныя сесіі, у тым ліку сваякам загінулых, і на медычную дапамогу ветэранам. Выступае на розных міжнародных пляцоўках, дзе распавядае пра праблемы і патрэбы беларусаў, якія абараняюць Украіну.

Гэта патрабуе шмат высілкаў і часу, але ж дапамагаюць дыяспары, беларускія суполкі, арганізацыі (нярэдка ананімна).

Перадача сімвалічных падарункаў дзецям беларускіх ветэранаў Літвы ад групы літоўскіх дэпутатаў на чале з Русланам Баранавасам. Сейм Літвы, 2025 год

Адным з самых складаных стаў збор «Навальніца» ў дапамогу беларускаму ветэрану, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы.

— У гэтага хлопца дыягназ «шызафрэнія», — распавядае Аляксандр. — І хоць атрымалася дамовіцца з псіхіятрычнай лякарняй на стацыянар, але ў яго не было ані медычнай страхоўкі, ані дакументаў — згубіў.

Давялося аднаўляць карту побыту, рэгістраваць яго ва ўжондзе як беспрацоўнага, знайшлася ментарка ў Варшаве (не магу публічна называць яе імя, але хачу выказаць вялікую ўдзячнасць!), якая дапамагла прайсці гэты этап. Аплацілі хостэл, пасля лекавання ён самастойна знайшоў працу з жыллём ад працадаўцы.

Аднак, на жаль, у гэтай гісторыі пакуль што няма хэпі-энду. Данатаў, прыкладна 600 еўра, хапіла на гэтыя патрэбы. Ён пераехаў у Познань, дзе знайшоў працу з жытлом. І тут здарылася абвастрэнне, трэба б зноў класціся ў лякарню — а калі з-за гэтага страціць працу і жытло, то ён будзе бамжаваць.

Адкрываць новы збор — гэта на праяданне. То  шукаем ментара, каб дапамагаў трымаць прапісаны лекарамі рэжым, проста сустракаўся і падтрымліваў кантакт, каб чалавек не сарваўся зноў.

— Новы збор, на стаматалагічную дапамогу ветэранам, стартаваў у красавіку 2026-га і мае на мэце сабраць ажно 10000 еўра. Мабыць, у многіх будзе першая рэакцыя: здаровыя мужыкі, хіба самі не справяцца?

— Пачну з уласнага досведу. Новы 2023 год я сустракаў у падвале будынка ПТВ Часавога Яра, пад Бахмутам, адзін з хлопцаў нагатаваў страў смачных. А ў мяне так моцна пасыпаліся зубы, што не было чым жаваць, і даводзілася выбіраць салацікі, якія можна было не жаваць. Штосьці бескаштоўна залячыў ва Украіне, тут пералечваў. Паставіў за свае сродкі тры імпланты. Летась дапамог з лячэннем самых праблемных зубоў віленскі клуб «Літвіны», які атрымаў фінансаванне на падтрымку ветэранаў.  

Пабрацім, які добра зарабляе ў Польшчы, аддаў 7,5 тысяч еўра на імпланты (і гэта па ўкраінскіх коштах). А разлічваць на дапамогу, напрыклад, ад Міжнароднага гуманітарнага фонду, беларускія добраахвотнікі не могуць — бо мы «вайсковы кейс». А сем’і нашы — наогул па-за ўвагай.

Мы правялі апытанку сярод 40 беларускіх ветэранаў, наколькі для іх вялікая патрэба — зубы. Чвэрць не адказалі: шыфруюцца, каб не было праблем для сваякоў у Беларусі, а мо не вераць, што будзе плён. Нехта сказаў, што ўсё добра, а дзве трэці — пацвердзілі, што ёсць праблемы, і сур’ёзныя. Таму абвясцілі збор на BYSOL на самыя тэрміновыя і складаныя выпадкі.

Насамрэч па еўрапейскіх коштах трэба разоў у дзесяць болей.  Але калі сума вялікая, людзі менш ахвотна адгукаюцца, мяркуюць, што іхняя дапамога — кропля ў моры. А на меншыя — кожны невялічкі данат мае значэнне. І мы вырашылі паспрабаваць. Калі атрымаецца, можна будзе крочыць далей. Калі не — будзем шукаць іншыя шляхі.

Гэта ўжо стала адным з маіх дэвізаў — калі кажуць: «У цябе нічога не атрымаецца», адказваю: «Я паспрабую». Бо калі не буду рабіць — дакладна не атрымаецца нічога.

А калі справа ад пачатку даведзеная да канца, і чалавек атрымаў дапамогу, то першыя эмоцыі — гэта такі кайф! Вельмі матывуе. Можа, нават спрацоўвае для мяне як тэрапія. Як у свой час, на фронце, такой тэрапіяй сталі аповеды, якія я пісаў закідваў у свій тэлеграм-канал — каб яны засталіся, калі раптам мяне заб’юць.

На маю думку, сёння кожны ўнёсак, ад вайсковага чынніку да беларускай мовы, ад палітычнай актыўнасці да культурніцкіх падзей — усё ўплывае на тое, якой будзе нашая будучыня. І чым больш людзей пакрысе робяць гэтыя рэчы, тым прасцей будзе тым, хто прабівае галавой сцяну. Трэба біцца.

Акцэнтаванне ўвагі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на знаходжанне ў расійскім  палоне беларускіх добраахвотнікаў «Кляшча» і «Тромблі»,, лёс якіх невядомы. Вільня, могілкі Росы, студзень-2026
Перад зачытваннем звароту да дэпутатаў Сейма Літвы аб неабходнасці надаць асобны статус ветэранам з ПМЖ Літвы. Люты-2026

І таму я працягваю дзеянні ў падтрымку ветэранаў, нягледзячы на складанасці, абставіны ці хейтараў. Адзіны раз, калі сам звярнуўся да псіхолага, бо адчуваў, што блізка ад зоны невяртання і можа «паехаць дах» — гэта ў снежні 2024 года. Калі ў дэмсілах распрацоўвалі кароткатэрміновую стратэгію, і ў ёй нідзе нават не ўзгадалі ветэранаў і іх сем’і. Добра, што знайшліся актывісты (Вольга Зазулінская, Вольга Вялічка, Павел Мар’еўскі), якія падтрымалі — і ўдалося прабіць папраўку і ўнесці гэты накірунак у стратэгію дзейнасці.

На сёння, і я паўсюль гэта кажу, існуюць два галоўныя нявырашаныя пытанні ў тэме ветэранаў. Гэта выплаты ад Украіны сем’ям загінулых беларускіх добраахвотнікаў. І гэта наданне асобнага юрыдычнага статусу ветэранам-замежнікам, хто ваяваў на баку Украіны (грамадзянам краін ЕЗ і асобам а сталым відам на жыхарства) ў краінах ЕЗ, перадусім у Літве і Польшчы.

Гэтыя пытанні трэба актыўна лабіяваць шырокім колам палітычных і грамадскіх груп. І, безумоўна, мусіць быць палітычная воля кіраўніцтва Украіны, урадаў Літвы і Польшчы.